Мэта:
1. Знаёміць дзяцей з вырабамі беларускіх народных мастакоў; актывізаваць слоўнік дзяцей па дадзенай тэме; пазнаёміць іх з беларускімі ручнікамі, сурвэткамі, з арнаментамі.
2. Вучыць упрыгожваць ручнікі арнаментам пры дапамозе фарбаў; развіваць дыялагічнае маўленне дзяцей; выклікаць у дзяцей цікавасць да наведвання выстаў, музеяў, жаданне разглядаць і пазнаваць прадстаўленыя экспанаты.
3. Выхоўваць эстэтычнае пачуццё.
Ход урока
I. Арганізацыйны момант.
1) Дзеці разам з настаўнікам ідуць у музей у госці да бабулі Алены, якая сустракае гасцей на ганку музея хлебам-соллю на прыгожым вышытым ручніку. У музеі грае беларуская музыка, ва ўсіх святочны настрой.
Настаўнік тлумачыць, што так, з музыкай, з хлебам-соллю на Беларусі сустракаюць самых дарагіх гасцей.
Да дзяцей выходзіць бабуля Алена ў беларускім нацыянальным строі.
2) Бабуля Алена:
– Добры дзень, дарагія дзеткі! Запрашаю вас у мінулае нашых дзядуляў, бабуляў. Заходзьце, калі ласка! Падыдзіце ўсе бліжэй сюды. Так, усё можна разглядваць, але не трэба кранаць рукамі.
– Што ўжо вам знаёма з таго, што вы тут бачыце?
– Зірніце на цацкі, зробленыя з дрэва. Хто жадае расказаць пра іх. Калі ласка!
– Пачну я. Гэта куфар. У маёй бабулі ёсць такі, але гэты маленькі, падобны на цацачны. Я ведаю, што ў куфры клалі адзенне, ручнікі. Гэты куфар ярка размаляваны кветкамі, а па краях – беларускі ўзор. (Расказы дзяцей.)
– Цікава, што ў гэтым куфры схавана? (Паказваю па адной рэчы, а дзеці называюць іх: андарак, фартух, кашуля, гарсэт, камізэлька, кашуля з поясам, нагавіцы, намітка.)
3) Бабуля Алена:
– Цяпер старадаўнія ўзоры адзення шырока выкарыстоўваюцца ў сцэнічных уборах нашых мастацкіх калектываў.
– Так. Падыходзьце бліжэй да наступных экспанатаў старажытнага віду мастацтваў, шырока распаўсюджанага ў Беларусі – гэта вырабы з гліны.
Паколькі гліны розных гатункаў хапала ў любым куточку Беларусі, то з яе рабілі разнастайны посуд, розныя мастацкія рэчы для аздаблення побыту. Ляпілі цацкі – свістулькі на забаву дзецям.
– Зараз я вас пазнаёмлю з некаторымі назвамі посуду. Вось гладыш (гарлачык).
– Для чаго ён прызначаецца?
– Так, у ім можна трымаць малако або квас. А гэта вельмі падобныя адзін на другі гляк і збанок.
– Чым яны адрозніваюцца?
– Так, у збанка горла шырокае, а ў гляка – вузенькае.
4) Гульня “Гарлачык”.
– Сядайце ў круг – гэта гарлачык. Па крузе ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго-небудзь, пакупнік, пытае: “Колькі каштуе гарлачык?”
За гарлачык гэты дай
Нам зусім крышачку –
Каб ніколі не хварэць,
Маннай кашы лыжачку.
Пасля гэтых слоў дзіця – гарлачык ускоквае і бяжыць па крузе, а пакупнік – насустрач. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Хто спазняецца – той пакупнік.
II. Новая тэма.
Бабуля Алена:
– Сёння я раскажу вам пра беларускія ручнікі. Ручнік – гэта доўгая тканіна белага або шэрага колеру, вышытая арнаментам.
– Дзеці разглядваюць арнамент, звяртаюць увагу на колер, замацоўваюць чорны і чырвоны колеры, узоры – “крыж”, “зорачку”, “ломаную лінію”.
Дзеці садзяцца за стол, накрыты святочнымі абрусамі і сурвэткамі, разглядаюць іх.
Бабуля Алена:
– Крыжыкам упрыгожваюць яшчэ і адзенне (яна паказвае вышытае адзенне: кашулі, сарочкі, фартухі, сукенкі).
– Усе гэтыя рэчы вышываюць сваімі рукамі людзі. Сурвэткамі ўпрыгожваюць пакоі. Цяпер у нас на сценах – дываны, а раней былі прыгожа вышытая сурвэткі.
Бабуля Алена паказвае тэхніку вышыўкі крыжыкам і гладдзю, знаёміць дзяцей з рэчамі, якія неабходны для вышыўкі. Гэта ніткі рознага колеру, іголка, тканіна. Замацоўвае гэтыя назвы з дзецьмі. Далей бабуля паказвае ручнікі, сурвэткі, кашулі, фартухі, не ўпрыгожаныя ўзорамі.
Бабуля Алена:
– Які б узор вы хацелі вышыць?
Дзеці імкнуцца дапамагчы бабулі Алене. Яна паказвае, як трэба зрабіць гэтыя ўзоры пры дапамозе фарбаў.
III. Вынік урока.
Бабуля Алена:
– Напрыканцы нашага занятку – экскурсіі па музеі – хачу вам параіць разам з бацькамі наведаць музеі ў горадзе Лідзе, Мінску, параўнаць іх экспазіцыі, а потым падзяліцца з намі сваімі ўражаннямі.
Настаўніца.
(Вярнуўшыся ў клас настаўніца раздае малюнкі ручніка, фартуха, кашулі, а дзеці іх упрыгожваюць фарбамі, арнаментам, узорамі “крыжык”, “зорачка”).
Выстава і ацэнка зробленых работ (дзеці абмяркоўваюць свае работы, звяртаюць увагу на іх прыгажосць, найбольш цікавымі работамі ўпрыгожваюць класны пакой).