Экскурсія пачынаецца са знаёмства з дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны герб нашай краіны.
Кожная краіна мае свой герб. Ен лічыцца галоўным сімвалам дзяржавы. Як выглядае Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь?
Першае, на што зверне ўвагу кожны з вас, – гэта зялены колер тэрыторыі нашай Радзімы. Так яна абазначана на геаграфічнай карце. Гэта тэрыторыя асвечана ззяннем залатых сонечных прамянеў, якія ўзыходзяць над блакітнай і зяленай зямлею. Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь адна з дзяржаў у свеце.
Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця. Гэтыя выявы на гербе адлюстроўваюць традыцыі нашых продкаў, якія пакланяліся багіні-маці Зямлі і ўзыходзячаму Сонцу. Сімвалы Зямлі і Сонца азначаюць надзею сучасных людзей на росквіт Беларусі.
Пяціканцовая зорка на гербе – знак бяспекі, мужнасці і высокіх памкненняў. Прысутнасць зоркі азначае гатоўнасць кожнага жыхара да абароны сваей Радзімы.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.
У розных краінах розныя сцягі. Іх гісторыя пачынаецца ў глыбокай старажытнасці. Так, на працягу ўсей нашай гісторыі склаўся і наш сцяг. У 1919 годзе, пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, дзяржаўным сцягам стаў чырвоны з выявамі ўверсе сярпа і молата. А ў 1945 годзе сцяг БССР разам са сцягамі іншых краін, заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, узняўся ў амерыканскім горадзе Нью-Йорку, тады з’явілася ніжняя зяленая паласа і вертыкальная белая.
Сучасны сцяг таксама мае тры колеры: чырвоны, зялены і белы.
Чырвоны колер, яшчэ са старажытных часоў, служыць знакам Сонца. Ен сімвалізуе роднасць і братэрства.
Зялены колер – гэта колер лугоў, палеў, лясоў. Зеляніна заўседы азначала вясновае абуджэнне пасля доўгага зімовага сну.
Белы колер – гэта колер дабра і міра. Ен пераклікаецца з назвай нашай краіны – Беларусь.
Дзяржаўны сцяг мае яшчэ адну асаблівасць – чырвоны арнамент на белым фоне. У цэнтры арнамента – ромб з кручкамі. Уверсе і ўнізе ромб з кручкамі, што сімвалізуе ідэю вечнага жыцця.
Сцяг можна сустрэць на будынках мясцовага самакіравання, у школах, універсітэтах. І ў нашай школе, амаль у кожным класе, есць такі сцяг.
Пасля расказваецца пра культуру і этнаграфію беларусаў.
За многія стагоддзі свайго існавання беларускі народ стварыў багатую і самабытную культуру, якая была ўвасоблена ў народным жыцці і бытавых рэчах, нацыянальным адзенні, разнастайных прамысловых вырабах, духоўных традыцыях, звычаях і абрадах.
Народная гаспадарка.
Беларускія словы “гаспадарка”, “гаспадарыць” адлюстроўваюць высокі сэнс гэтых паняццяў, што адэкватна рускім словам “господствовать”, “господин”. З імі звязаны і сэнс мноства прыказак і прымавак: “Гаспадар на сваім агародзе – роўня ваяводзе”, “Гаспадарку весці – не лапці плесці”, “Якія мы гаспадары – такія і нашы двары”.
Гаспадарка – аснова народнай жыццядзейнасці. Кожны народ з цягам часу выпрацоўвае свой стыль з уласцівымі яму вытворчымі заняткамі, прыладамі працы, культурнымі традыцыямі.
Звернем увагу на некаторыя рэчы, якія акружалі беларусаў у ранейшыя часы.
Вось перад вамі сурвэткі. Яны выкананы ў беларускім нацыянальным стылі, для якога характэрны арнамент.
Арнамент – гэта ўзор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў прыкладнога дэкаратыўнага мастацтва, прадметаў хатняга ўжытку. У беларускім народным мастацтве вядомы тканы, вышываны, плецены арнамент. Пераважае геаметрычны ўзор, што мы і бачым на гэтых вырабах. Самыя распаўсюджаныя колеры – чорны і чырвоны на белым або суровым фоне.
Вельмі распаўсюджана ў беларусаў была кераміка – ганчарныя вырабы з гліны. Промысел узнік у старажытнасці, найбольшага росквіту дасягнуў у XIX – першай палове XX стагоддзя. З высакаякаснай чырвонай гліны з дамешкам дробнага рачнога пяску выраблялі збаны, цацкі, кубкі, міскі, талеркі і іншае. Кераміку часта аздаблялі размалёўкай, часцей за ўсе ў выглядзе завіткоў, зігзагаў, кропак. Акрамя гаспадарчага посуду вырабляліся і дэкаратыўныя рэчы: вазы, падсвечнікі, скарбонкі і іншае.
Найбольш вядомыя промыслы – гэта Бабічская, Заслаўская, Бабруйская, Івянецкая, Радашковічская кераміка.
Выдзеўбаны посуд – адзін з відаў драўляных емістасцей, прадметаў даўбежнага рамяства. Па вонкавай форме падзяляецца на карытападобны і цыліндрычны (конусападобны). Карытападобны выдзеўбаны посуд служыў для шматразовага паўсядзеннага выкарыстоўвання: карыты для кармлення хатняй жывелы, ночвы для мыцця бялізны, пыланкі для правейвання круп, карцы для пітва. Цыліндрычны выдзеўбаны посуд, часцей з накрыўкай, ужываўся звычайна для захоўвання розных прыпасаў: кадаўбы на зерне, ліпаўкі на мёд, фаскі на масла ці мёд. Шмат выдзеўбанага посуду цыліндрычнай формы рабілі ў форме пэўнага бандарнага посуду (кублы пад адзенне, бойкі для збівання масла, кадушкі на муку, жлукты для мыцця бялізны). Функцыянальная мэтазгоднасць і паўсядзеннае ўжыванне абумоўлівалі сціпласць або поўную адсутнасць дэкору такіх пасудзін. Зрэдку такі посуд (карцы, сальніцы, фаскі) упрыгожвалі разьбой ці выпальваннем. У наш час выдзеўбаны посуд амаль выйшаў з ужытку.
Гаршчок – ганчарны выраб, гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захавання сыпкіх рэчываў і інш. Назва “гаршчок” паходзіць ад старажытнарускай “гарнець”. Яго форма добра прыстасавана для хуткага і раўнамернага награвання ў накаленай печы: круглы з пукатымі бакамі, звужаным плоскім дном і вусцем, абкружаным венцам (нярэдка з накрыўкай і 1-2 ручкамі для зручнасці карыстання). Для большай трываласці гаршчок часам апляталі дротам. Выраблялі з фармовачнай масы павышанай вогнетрываласці з дамешкам жарствы, пяску, пасля абпальвання гартавалі ў абвары. Былі пашыраны таксама чорназадымленыя і паліваныя гаршкі. Дэкор стрыманы або зусім адсутнічаў. Аздаблялі звычайна на глянцаваным і прачэрчаным па сырой паверхні геаметрычным арнаментам, радзей размалеўкай. Памеры гаршка самыя розныя – ад паўлітра да 10-15 літраў.
Гляк – ганчарны выраб, гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі вадкіх рэчываў – алею, квасу, вады і інш. Шарападобная пасудзіна з плоскім дном, кароткім вузкім горлам з дзюбкай ці без яе, з адной або дзвюма ручкамі. У гляках заварвалі чай, рабілі настой зелак.
Збан – ганчарны выраб, гліняная пасудзіна для захоўвання малака і іншых вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай і вушкам – ручкай. Назва “збан” упамінаецца ў помніках старабеларускай пісьменнасці. Выраблялі збаны па ўсей Беларусі. Часта аздаблялі глянцаваным арнаментам у елачку, спіральныя лініі, геаметрычнай і расліннай размалеўкай.
Калаўротак – самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лену і воўны ў хатніх умовах. Найбольш распаўсюджаны калаўрот – стаяк (як перад вамі). У гэтым экспанаце пашкоджана педаль, якая прыводзіла калаўрот у рух. Рабочыя часткі калаўротка: кола, педаль і прадзільны апарат. Апошні складаўся са стрыжня і размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы. Паміж дзвюма вертыкальнымі стойкамі знаходзіцца кола, якое прыводзілася ў рух пры націсканні на педаль. На Беларусі калаўроткі з’явіліся у 16 стагоддзі на мануфактурных прадпрыемствах. Больш пашыраны былі ў паўночных і ўсходніх частках Беларусі, дзе інтэнсіўна развівалася льнаводства. У астатніх раенах Беларусі карысталіся верацяном.
Верацяно – прылада для ручнога прадзення лену або воўны. У старажытныя часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней – конусападобная палачка даўжыней 20-30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца, і вострай пяткай. Верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы. На вытачаным верацяне для зручнасці і як аздабленне выразалі кольцы – паглыбленні.
Прасніца – драўляная прылада для прадзення воўны, льняной і пяньковай кудзелі. Найбольш вядомая лапатападобная прасніца. Выраблялася з суцэльнага кавалка дрэва. Пад прамым вуглом яна ставілася на лаву або прымацоўвалася над калаўроткам. У наш час са змяншэннем ролі ручнога прадзення і ткацтва прасніца амаль выйшла з ужытку.
Сукала – прылада для намотвання (насуквання) нітак на цэўкі. Уяўляе сабою дзве стойкі з умацаваным паміж імі гладкім адшліфаваным валікам з махавым колам, размешчаным бліжэй да аднаго канца валіка. З процілеглага боку у валік устаўляўся металічны стрыжань, на які надзявалася цэўка (вярчэнне дасягалася хуткімі рытмічнымі ўдарамі рук па валіку). Знізу стойкі замацоўваліся драўлянай плахай у выглядзе скрынак для цэвак. Насуквалі цэўкі з клубка ці з матавіла.
Цэўка – драўляная палачка даўжыней 14-16 см з утаўшчэннямі на канцах, на якую накручвалі (насуквалі) пражу. Пры тканні цэўка ўстаўлялася ў чаўнок. Ніткі на цэўку навівалі пры дапамозе сукала.
Чаўнок – ткацкая прылада. Па знешняму выгляду нагадвае мініяцюрны човен. Вядомы 2 віды чаўнакоў – з донцам і полы. У першым выпадку цэўку кладуць на дно, у полым чаўнаку цэўкі мацаваліся на тонкім металічным стрыжні, таму яны былі зручнейшыя, бо ў такім чаўнаку цэўку не трэба было прытрымліваць пальцам.
Бёрда – ткацкая прылада, што служыць для прабівання нітак у кроснах. Прамавугольнік памерам 40-50 см x 15-18 см з устаўнымі пласцінкамі. Спачатку пласцінкі рабілі з тонкіх лучынак (1 мм) з асіны ці клену. У ХХ стагоддзі берда пачалі рабіць з металічнымі пласцінкамі. Для ткання берды ўстаўляюцца ў набіліцы. Для вырабу посцілак выкарыстоўвалі берда да 1,5 м шырыней.
Ніты (нічальніцы) – прыстасаванне ў кроснах для прапускання нітак пры ўтварэнні ўзораў. Ніцяныя петлі размяшчаліся на гарызантальных пруточках. Былі рухомымі і зверху мацаваліся на кацелках, а знізу злучаліся з панажамі. Даўжыня ніт адпавядала шырыні ткацкага вырабу, даўжыня прыкладна 25 см. У заходніх раёнах Беларусі ніты ніцілі на спецыяльных станочках.
Панажы – састаўная частка кросен, якая служыць для прывядзення ў рух нітоў. У канцы XIX – пачатку XX стагоддзя ў Беларусі пашыраны 2 тыпы панажоў. Найбольш старажытныя панажы – круглыя палкі даўжыней прыкладна 80 см, якія гарызантальна падвешваліся пад нітамі. Больш пашыраны панажы ў выглядзе дошчачак шырыней 8-12 см. Пры дапамозе шнуркоў панажы з аднаго боку злучаліся з нітамі і былі крыху прыўзняты, а з другога – мацаваліся нерухома. Ніты прыводзіліся ў рух ад націскання панажоў нагамі.
Матавіла – прылада для змотвання і размотвання маткоў пражы. Месцамі распаўсюджаны назвы – моташка, вітуха. Найбольш пашыраным было матавіла, якое ўяўляла сабой невялікі драўляны стрыжань з перпендыкулярна прымацаванымі брускамі на абодвух канцах. Прынцып работы такі: трымаючы ў левай руцэ стрыжань і паварочваючы то ўправа, то ўлева правай рукой намотвалі пражу на брускі.
Адзенне – неад’емная частка матэрыяльнай культуры народа. Уключае таксама галаўныя ўборы, абутак. Агульны выгляд адзення залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, віду і спосабу гаспадарчай дзейнасці, маемасна-прававых адносін, нацыянальных традыцый. У нашым музеі знаходзіцца сялянскае ўбранне, якое падаравала маці вучаніцы 9 “З” класа Курганавай Дар’і. Гэта была сямейная рэліквія, бо адзенне належыла некалі прабабцы і прадзеду. А перад вамі мужчынская святочная сарочка. Яна была вышыта, згодна з беларускімі народнымі традыцыямі, нявестай для жаніха. Сшыта яна з ільнянога даматканага палатна. Традыцыйная кашуля мела прамы рукаў з манжэтамі, адкладны каўнер, прамы разрэз на грудзях. Паколькі гэта сарочка святочная, яна ўпрыгожана натыканнем (выцягваннем нітак) і вышыўкай. Арнамент пераважна геаметрычны, што мы бачым на экспанаце.
Жаночая сарочка адрознівалася большай разнастайнасцю матэрыялаў, з якіх выконвалася – гэта ўжо і крамныя матэрыялы: шоўк, штапель, ядваб. Вышыўка была больш яркая, займала па памерах большую плошчу вырабу, шырока распаўсюджаны быў не толькі геаметрычны, але і раслінны арнамент.
Спадніца – састаўная частка жаночага касцюма беларусаў, паясная адзежына ў выглядзе некалькіх сшытых полак тканіны, сабраных на поясе. Узнікла ў свецкім касцюме ў XIV стагоддзі ў заможных класаў, у сялян з’явілася даволі позна (у канцы XIX стагоддзя).
Вядомы два шляхі ўзнікнення спадніц у беларускім народным касцюме. Першы – ў сялянскае асяроддзе спадніца трапіла пад уплывам андаракаў, сукняў, пашытых з мануфактурных тканін заможных гараджан. Другі – ў выніку эвалюцыі фартуха-запаскі. Пацвярджэннем гэтаму служыць пашыраная дыялектная назва “фартух” (у значэнні “спадніца”) на Палессі. Спадніца мела цэлы рад назваў: андарак, бурка, даматкан, летнік, палатняннік (назвы паходзілі ад тканін ці пары года, для якой яны прызначаліся). Пазней спадніцы пачалі аздабляць нашыўкай тасьмы, стужак, вышыўкай, рубчыкамі і г.д. Перад вамі тыповая спадніца-андарак. Спадніца з шарсцяной ці паўшарсцяной тканіны ў падоўжаныя ці папярочныя палосы. З пачатку ХХ стагоддзя былі пашыраны аднатонныя андаракі з ледзь прыкметнымі палоскамі і прышытым ліфам. Спадніца належыла прабабцы Шавель Дашы, вучаніцы 5 “Г” класа. Падаравала музею яе Дашына бабуля – Раіса Міхайлаўна.
Ступа – традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы. Выкарыстоўвалі і для іншых мэт. Ступу рабілі з кавалка дубу, грабу. У ствале выдзеўбвалі конусападобную выемку глыбіней 20-30 см і дыяметрам 10-15 см. Таксама выдзеўбвалі і ніжнюю частку ступы, і яна як быццам стаяла на ножцы. Да ступкі патрэбен быў таўкач.
Сявенька (сявалка) – ёмістасць для ручной сяўбы. Яе рабілі з саломы, лазы, тонкай дранкі. Дно – з тонкай дошкі. Мелі розную форму: круглую, авальную, звычайна расшыраную ўверсе. Найбольш пашыраны былі сявенькі саламяныя.
Трапло – прылада для ачышчэння (трапання) льнянога або канаплянага валакна ад кастрыцы. Уяўляе сабой тонкую дошчачку шырыней 68 см, даўжыней 40-45 см. Бываюць двух відаў: мечападобнае і лапатападобнае. Найбольш распаўсюджана мечападобнае, як у нас.
Веялка ручная, шуфлік, прылада для веяння абмалочанага збожжа. Легкая драўляная лапатка (даўжыня 30-35 см, шырыня 15-20 см) з кароткай ручкай. Рабілі пераважна з суцэльнага кавалка дрэва (бярозы, асіны, вольхі, ліпы, вярбы), радзей з тонкіх дошчачак ці фанеры. Дно ўвагнутае (выдзеўбанае) або прамое (пераважна на поўдні Беларусі).
Цэп – прасцейшая драўляная прылада для малацьбы збожжа. Складаецца з гладка выструганай палкі – цапільна (даўжыня 1,25-2 м, дыяметр 2,5-4 см) і біча (даўжыня 45-95 см, дыяметр 3,5-5 см) рухома замацаваных паміж сабой скураной стужкай, так званым гужавым спосабам. Звычайна біч быў круглым (радзей сустракаўся і чатырохгранны). Цапільна рабілі з легкіх парод дрэва (хвоі, ляшчыны), біч – з цвёрдых (дубу, грабу і інш.).